Абнаўленне Падарункавага набору ды Windows-версіі

2022 год пачынаецца з найбольш жудаснай падзеі ва Ўсходняй Еўропе - распачатая вайна Расіі з Украінай. Мы не можам заставацца ў баку, таму выказваем словы падтрымкі ўкраінскаму народу і жадаем найхутчэйшай перамогі. Спадзяемся, што мір хутка вернецца ў братнюю беларусам краіну!

З іншага боку, гэтая вайна падказала некаторыя неабходныя змяненні ў правілах, абнаўленне якіх мы і ажыццявілі.

Па-першае, правілы правядзення каранацыі. Раней у выпадку забойства князя гулец рабіў абавязковую каранацыю ў якасці свайго ходу. На практыцы гэта азначала, што гулец пасля фактычнай страты княжыча (які пераўтвараўся ў князя) яшчэ дадаткова губляў ход. У выпадках канкурэнтнай гульні такі крок амаль заўжды прыводзіць да хуткай паразы. Ранейшы спадзеў на стратэгічную перавагу ў месцазнаходжанні князя не спраўдзіўся, бо такі варыянт магчымы толькі ў эндшпілях, дзе каштоўная кожная фігура, а тым больш такая важная як княжыч.

Таму ў новай рэдакцыі правілаў адсутнічае пропуск ходу. Гулец, які згубіў князя, замяняе свайго княжыча на князя і робіць свой ход, як у звычайных умовах.

Спампаваць для Windows

Па-другое, змяненні ў Падарункавым наборы. Тэставанне гэтага варыянта беларуска-літвінскіх шахматаў нашымі пакупнікамі і рэальнымі гульцамі зацьвердзіла неабходныя змяненні ў дызайне піктаграм фігурак. У прыватнасці, вершнік, гетман і гармата для большасці былі не вельмі добра азначанымі, што прыводзіла да магчымых гульнявых стратаў, змяншаючы задавальненне ад гульні.

Таму ў новым тыражы гульні дызайн прадугледжвае лепшую адрознасць фігурак адна ад адной, дадаткова групуючы па відах.

Вокладка змененага Падарункавага набору
Вокладка змененага Падарункавага набору

Па-трэцяе, мы дадалі ўкраінскую мову. Цяпер гуляць у беларускія шахматы нашыя сябры з Украіны могуць на роднай мове, узгадваючы слаўныя часіны супольнай гісторыі беларусаў і украінцаў - літвінаў і русінаў!

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.