Узяць усю ўладу без крыві. Беларусы прыдумалі новыя шахматы.

Нашы суайчыннікі з IT-кампаніі PRAS прыдумалі новую гульню — «Беларускія шахматы». Яны створаны на базе класічных. Мэта гульні — не разграміць суперніка, а ўзяць усю ўладу.

Па словах Мікалая Тамашэвіча, які распрацаваў правілы гульні, яе ідэя з'явілася яшчэ ў 1990-я гады.

— Ідэя належыць прафесару Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандру Астроўскаму. Напрыканцы 1990-х гадоў ён прыдумаў шахматы на базе класічных, а таксама ўвёў паняцце трон — сімвал вышэйшай улады. У 2010-м годзе я дапрацаваў правілы гэтай гульні: дадаў палітычныя і культурныя адметнасці з гісторыі Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы, а таксама разам з Астроўскім адрадзіў старажытныя назвы фігур. Аляксей Кульбіцкі адказваў за візуал.

Як тлумачыць Мікалай, асноўная асаблівасць гульні — зусім іншая мэта, чым у класічных шахматах. Па правілах гульцу неабходна заняць адной з двух фігур цэнтральную клетку поля — трон і пратрымацца на ёй ход, пакуль Князю не абвясцілі Рокаш. Гэта можна зрабіць без крыві - гэта значыць не збіваючы супернікаў.

Рокаш - гэта ваенная апазіцыя шляхты. Калі перакласці на сучасную мову, яго можна нават назваць своеасаблівай формай імпічменту. У Рэчы Паспалітай (федэратыўнай дзяржаве, часткай якога з'яўлялася Вялікае княства Літоўскае) шляхта мела права адмовіцца ад падпарадкавання каралю. І такія прыклады былі ў беларускай гісторыі (напрыклад, «Сандамірскі Рокаш» 1606-1609 гадоў).

Па правілах гульні заняць Трон можа Князь (у класічных шахматах кароль) або Княжыч (новая фігура, яе аналагаў у класічных шахматах няма). Дапамагаюць яму такія фігуры, як Гетман (у класічнай версіі Ферзь), Гармата (Слон), Ратнік (Конь) і іншыя.

Адкуль такія назвы?

Так у Беларусі называліся фігуры ў шахматах, якія былі распаўсюджаныя на нашым кантыненце з 8-9 стагоддзяў.

— Гульня настолькі спадабалася сярэднявечным еўрапейцам, што ўжо ў XI стагоддзі шахматы лічылі адной з самых распаўсюджаных забаў шляхты і нават уключылі іх у праграму рыцарскага выхавання. У Беларусі яны былі знойдзены падчас археалагічных раскопак ва ўсіх нашых старажытных гарадах. У шахматы ігралі Барбара Радзівіл і Леў Сапега, — кажа Мікалай.

Існуюць і іншыя асаблівасці гульні. Зменены памер дошкі - 9×9 клетак, ўстаноўлена несіметрычнае размяшчэнне фігур.

Навошта беларусы прыдумалі новыя шахматы?

— Аляксандр Астроўскі сцвярджае, што яму яны прысніліся, — усміхаецца Мікалай Тамашэвіч. —  То бок гэта здарылася выпадкова. Але калі паразважаць, то мы маем класічныя шахматы, у якія гуляе ўвесь свет, а таксама процьму іншых варыянтаў (і круглыя, і на трох гульцоў).

Паколькі ў Беларусі багатая шахматная гісторыя, то мы быццам маем права на сваё бачанне гэтай гульні.

І калі яе завязаць на нашай гісторыі - то атрымоўваецца гульня з большымі магчымасцямі. То бок гэта нейкая спроба зацвердзіцца ў якасці шахматнай (інтэлектуальнай) краіны і дадаткова звярнуць увагу на гісторыю.

У беларускія шахматы можна гуляць на кампутары з дапамогай прыкладання для Windows, а таксама ўжывую. Купіць набор можна на сайце кампаніі тут і тут. Пазнаёміцца з правіламі гульні можна тут.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.