Княская ахвяра

Пакідаць трон паводле ўласнага жадання — практыка на нашых землях не дужа пашыраная, прычым ўва ўсе часы. А вось заняць пасад у Вялікім Княстве Літоўскім можна было адно са згоды феадалаў, якія ўтваралі раду або сойм. Іншымі словамі, найвышэйшая ўлада ў княстве была выбарнаю. Праўда, выбіралі звычайна з сыноў або блізкіх родзічаў папярэдняга гаспадара.

Сойм 1622 часоў Жыгімонта III Вазы. Гравюра Джыякама Лаўра.
Сойм 1622 часоў Жыгімонта III Вазы. Гравюра Джыякама Лаўра.

У звычайных шахматах улада караля пацверджання не патрабуе: кароль ёсць каралём ад пачатку і да заканчэння партыі, перамогу гарантуе яго сталае і бяспечнае становішча. Беларуска-літвінская гульня прапануе варыянты: з боку белых і чорных фігураў — па два прэтэндэнты на ўладу, князь і княжыч. Адпаведна, князь можа самахоць сысці з шахматніцы, пакінуўшы на полі спадкаемцу. І партыя на гэтым ані не скончыцца.

Кожны нечаканы, дзёрзкі, смелы ход — шанец парушыць раўнавагу суперніка, раскаардынаваць ягоныя сілы, перайсці да рашучага наступу і ў рэшце рэшт перамагчы. Рэалізуючы цікавую камбінацыю, часам трэба ісці на ахвяры, калі яны, вядома, апраўданыя. Ахвяраваць можна нават князем, разумеючы, аднак, што за гэта давядзецца плаціць сама менш стратаю аднаго хода.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.