Шляхта ў нашай старажытнай дзяржаве пачувалася досыць вольна. Лічыла, што манарх абмяжоўвае яе правы, — ладзіла ўзброены супраціў. З часоў Рэчы Паспалітай гэткі спосаб выказаць нязгоду называўся рокашам, ад вугорскага rakás — натоўп. Прычым усё адбывалася паводле закону: бунтаваць ракашанам дазвалялі падпісаныя самім манархам дакументы — Генрыкавы артыкулы ды Pacta conventa (“усеагульныя пагадненні”).

Дапамагчы ўладару ў сітуацыі, калі той мог страціць сталец, значыла сцвердзіцца ў якасці вартай даверу асобы. Гэтак адбылося з Мікалаем Радзівілам Чорным: падтрымаўшы Жыгімонта Аўгуста падчас паўстання польскае шляхты, ён зрабіўся найбліжэйшым сябрам гаспадара краіны.

Акт дэтранізацыі Жыгімонта III
Акт дэтранізацыі Жыгімонта III

Каб атрымаць вялікакняскую ўладу ў беларуска-літвінскіх шахматах, князь або княжыч мусіць заняць трон, цэнтральную клетку поля, і пратрымацца на ім адзін ход. Цягам гэтага хода ў суперніцкага войска ёсць шанец адтэрмінаваць фінал партыі: можна абвясціць прэтэндэнту на перамогу рокаш.

Рокаш абвешчаны — князь або княжыч мусіць пакінуць трон.

Але можа застацца на полі: любая фігура здольная абараніць свайго ўладара — засланіць яго сабою або скінуць бунтаўніка з поля.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у лічбавай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.