Ваенная павіннасць у Вялікім Княстве Літоўскім распаўсюджвалася перадусім на шляхту і мяшчанаў. Паводле соймавых пастановаў, у складзе паспалітага рушання поруч з кожнымі двума вершнікамі павінен быў змагацца адзін ратнік. Выходзіць на поле ён мусіў узброеным — з ручніцаю, сякераю або вошчапам. У ХVIІ стагоддзі ратнікаў пачалі наймаць з іншых краінаў — Нямеччыны, Іспаніі, Англіі, Шатландыі, Ірландыі. Прыкладам, у радзівілаўскім войску 1621 года былі дзве роты ангельцаў і атрад з 300 ірландцаў.

Войска ВКЛ у 1576—1586 гады. Малюнак Яна Матэйкі, 1875: bibliotekacyfrowa.pl
Шаблі беларускай пяхоты XVII-XVIII стагоддзяў з калекцыі Нясвіжскага замку. Фото: niasvizh.by

Вызначальную ролю ратнікі ў войску Вялікага Княства гралі падчас асады гарадоў. У палявых бітвах яны звычайна выступалі дапаможнаю сілаю. Пяхота традыцыйна займала цэнтральнае становішча, злева і справа ад яе шыхтавалася конніца.

Бой сучасных ратнікаў у двары Лідскага замку. Фота: rycar.by
Бой сучасных ратнікаў у двары Лідскага замку. Фота: rycar.by

У беларуска-літвінскіх шахматах ратнікі ўтвараюць шэрагі паперадзе кожнага з войскаў: белыя — шэраг № 2, чорныя — шэраг № 8.  Зрушваюцца яны штокрок на адну клетку наўпрост і толькі за першым сваім ходам маюць права прайсці дзве клеткі. Атакуюць на адну клетку па дыяганалі. Сапраўды моцнымі робяцца, яднаючыся і фармуючы агульныя камбінацыі.

Здолеўшы дасягнуць апошняе гарызантальнае лініі, ратнік можа атрымаць пасаду любой фігуры, якую звялі з шахматніцы.

Калі ж ён пракрочыў усё поле, а ніводная фігура дошкі не пакінула, то мусіць пачакаць — мае права падвысіць сацыяльнае становішча адно пасля таго, як нехта пойдзе на  спачын. Дачакаецца (павінен заставацца на апошняй клетцы) — зможа пераўвасобіцца ў гетмана, князя, княжыча, вершніка, вывезці на поле гармату або зачыніцца ў вежы. Гэта будзе лічыцца асобным ходам.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у лічбавай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.