Палац і Трон

Першымі рэзідэнцыямі вялікіх князёў літоўскіх былі магутныя замкі. Трывалыя муры ахоўвалі гаспадара падчас наступу нядобразычліўцаў, сведчылі пра моц улады, сімвалізавалі яе ўстойлівасць у неспакойным свеце сярэднявечча. З цягам часу ідэя мураванае абароны змякчылася праз імкненнне ўладарных колаў да хараства: замкі пачалі саступаць месца вытанчаным палацам. Побач з астраўным замкам Альгерда ў Троках паўстаў гатычны палац Вітаўта з фрэскамі ды вітражамі. З ініцыятывы Сцяпана Батуры Гарадзенскі замак перабудавалі на палац з разьбянымі столямі ды габеленамі. А за часамі Жыгімонта Аўгуста пад гарою Гедыміна ў Вільні расцвіў галоўны палац Вялікага Княства — цэнтр рэнесансаванае культуры на нашых землях.

Каралеўскі замак у Гродна на беразе Нёмана. Фота: 34travel.me
Каралеўскі замак у Гродна на беразе Нёмана. Фота: 34travel.me

У Віленскім палацы нараджаліся лёсавырашальныя пастановы, тут збіралі сойм, прымалі амбасадараў і дыпламатаў, ставілі оперы, ладзілі маскарады, захоўвалі кнігазборы ды культурныя каштоўнасці.

На беларуска-літвінскай шахматніцы палац увасоблены ўзвышэннем у цэнтры поля. Пасярэдзіне палаца месціцца трон (е5). Толькі трапіўшы на гэтую клетку і пратрымаўшыся адзін бязрокашавы ход, князь або княжыч можа святкаваць перамогу. Прычым княжыч прэтэндуе на сталец адно з дазволу бацькі: той мусіць стаяць не далей за дзве клеткі ад цэнтра — быць у палацы.

Падымаючы фігуру на цэнтр дошкі, трэба прамовіць: “Трон!”. Здабыўшы перамогу — акрэсліць: “Трон мой!”.

Станавіцца на цэнтральную клетку шахматніцы ніхто, акрамя князя і княжыча, не мае права. Калі е5 — бітае поле, cтанавіцца на яго таксама нельга.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.