Вершнік

Калі ў Заходняй Еўропе войска перадусім фармавалі з ратнікаў, то бальшыню войска Вялікага Княства Літоўскага складалі вершнікі. Кавалерыю, узброеную коп’ямі ды абароненую шчытамі, на беларускія землі прывяла сербска-венгерская традыцыя. У часе бою рыцары на рослых і вынослівых арабскіх, турэцкіх, італійскіх скакунах праломвалі суперніцкі строй і змешвалі яго парадак.

Пачаткам XVII стагоддзя ўпершыню па-над полем бою, наводзячы жах на кожнага сустраканага коня і воя, пранесліся няўмольнаю хваляю легендарныя крылатыя вершнікі-літвіны: да сёдлаў ваяры прымацавалі вялізныя чорныя крылы з сакаліных пёраў. Кіраваў імі тады славуты гетман Ян Кароль Хадкевіч.

Вялікалітоўская кавалерыя ў Клушынскай бітве. Добра бачныя знакамітыя "крылы" вершнікаў. Карціна Шымона Багушовіча, 1620. Фрагмент.
Паўдаспех Мікалая Радзівіла Чорнага, 1555 год. Імператарскі арсенал у Вене. Фота: topwar.ru

Рухавыя, здольныя манеўраваць і рабіць імклівыя дакладныя ўдары, вершнікі вызначалі зыход шмат якіх бітваў. Дзеялі самастойна і рашуча, за кароткі час пераадольвалі вялізныя адлегласці, знянацку паўставалі за спінаю суперніка, не ведалі сумневаў і страху.

Нават сёння выгляд крылатых вершнікаў уражвае. Фота: к/ф "1612"
Нават сёння выгляд крылатых вершнікаў уражвае. Фота: к/ф "1612"

Вершнікі беларуска-літвінскіх шахматаў на пачатку партыі месцяцца злева ад Княжыча і Вежы: c1, h1 — белыя; b9, g9 — чорныя. Пачуваюцца досыць вольна — ходзяць у адвольным кірунку, але траекторыя вызначаная: дзве клеткі у адзін бок і адна клетка у бок, перпендыкулярны пачатковай лініі руху. Кожны свой ход змяняюць колер поля, на якім запыняюцца.

Адна з вызначальных функцыяў праяўляецца ў эндшпілі: менавіта вершнікі найчасцей зводзяць з поля апошнія фігуры суперніцкага войска, што, разрозненыя, засталіся на дошцы.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.