Уладары ў Вялікім Княстве Літоўскім былі розныя. Трайдэн і Гедымін будавалі замкі, Войшалк сыходзіў у манахі, а Яўнут басанож па снезе ўцякаў ад братоў у лес. Вітаўт даваў нырца са скалы ў Чорнае мора — каб пацвердзіць прыналежнасць мора да княства — і ўсталяваў дыпламатычныя дачыненні амаль з усімі заходнееўрапейскімі краінамі, а таксама Асманскай імперыяй, Крымскім ханствам і Маскоўскімі землямі. Альгерд вёў суровы лад жыцця, не ўжываў віна і здолеў адбіць 70 прускіх і 30 лівонскіх нападаў.

Копіі карон вялікіх князёў літоўскіх у палацы князёў ВКЛ у Вільні. Фота: moosestaff.com
Копіі карон вялікіх князёў літоўскіх у палацы князёў ВКЛ у Вільні. Фота: moosestaff.com

Шлях да трону мог быць розным: простым — праз права спадчыннасці, або пакручастым — праз змаганне палітычных груповак ды інтрыгі. Беларуска-літвінскае шахматнае поле — прастора ідэальнага: тут дзеіць справядлівасць — перамагае глыбіня мыслення і дальнабачнасць. На Трон узыходзіць сапраўды варты ўладарыць абшарамі княства гаспадар. Партыя ўвасабляе высакародную барацьбу, што распачынаецца са здольнасці убачыць у іншай палове шахматніцы дастойнага павагі суперніка.

Кафля з выявай льва і аленя - сімвала барацьбы за ўладу. Полацк, XVII стагоддзе.
Кафля з выявай льва і аленя - сімвала барацьбы за ўладу. Полацк, XVII стагоддзе.

Пачатковая пазіцыя для княскае фігуры — традыцыйна першы ад краю радок: е1 для белых і е9 для чорных. Рухацца князь можа ў любы бок на адну клетку, у тым ліку па дыяганалі. Стаўшы на цэнтр поля е5 (Трон), мае пратрымацца там як мінімум адзін ход — тады становішча яго ў дзяржаве можна лічыць устойлівым, а перамогу ў палітычнай барацьбе — здабытаю. Цягам гэтага аднаго ходу князя могуць скінуць са стальца, абвясціўшы рокаш. Любая іншая фігура з войска здольная абараніць свайго ўладара ад нападу: звесці з поля бунтаўніка або засланіць сабою князя.

Пакуль на полі поруч з князем змагаецца княжыч, абвясціць шах князю нельга.

У любы момант партыі, палічыўшы тое карысным для агульнае справы, князь можа ахвяраваць сабою і пакінуць за спадкаемцу княжыча.

Дадатковая магчымасць адвесці небяспеку — ракіроўка: падвойны ход князя і ладдзі, між якімі няма іншых фігураў і бітых палёў. Князь робіць два або тры крокі ў бок ладдзі, пасля чаго яна перабудоўваецца на суседняй пазіцыі з іншага ад яго боку.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.