Дух войска ў Вялікім Княстве Літоўскім гартаваў гетман. Паказваў узор мужнасці, натхняў у часе роспачы, вяртаючы надзею і веру ў поспех, клапаціўся пра ваяроў паміж бітвамі. Спачатку князь абіраў гетмана на час пэўнага вайсковага паходу, а потым пасада зрабілася пажыццёваю. Булаву вялікага гетмана атрымоўвалі найвыбітнейшыя магнаты княства — сямёра Радзівілаў, шасцёра Сапегаў, трое Агінскіх. І кожны з іх вызначаўся яскравым кіраўнічым і змагарніцкім талентам.

Гетман ВКЛ Леў Сапега. Партрэт XVII стагоддзя.
Надмагілле гетмана Канстанціна Астрожскага ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Макет страчанага падчас 1941 году арыгінальнага манумента 1579 году.

Калі гетман жадаў падкрэсліць, што пагарджае небяспекаю і цвёрда ўпэўнены ў сваёй і войска шчаслівай зорцы, на поле змагання ён выязджаў без шалома і панцыра. Але ніколі не забываўся на вострую шаблю. Адважны, кемлівы, разважлівы гетман надае моц і шахматнаму беларуска-літвінскаму войску. Задзіночвае ваяроў ідэяй барацьбы за вярхоўную ўладу для таго, хто гэтага сапраўды варты.

Ян Караль Хадкевіч (у чырвоным) вядзе войска ў бітве пры Хоціне. Карціна Юзэфа Бранда, 1867 год.
Ян Караль Хадкевіч (у чырвоным) вядзе войска ў бітве пры Хоціне. Карціна Юзэфа Бранда, 1867 год.

На пачатку партыі фігура гетмана стаіць праваруч ад князя: f1 — белыя; d9 — чорныя. Хадзіць можа ў любы бок, у тым ліку па дыяганалі, і на любую адлегласць. Галоўнае, каб крокі гэтыя паслядоўна і няўхільна набліжалі перамогу. Самая моцная фігура ў войску: страціўшы гетмана, ваяры, здараецца, адразу ж саступаюць суперніку.

Гульня дазваляе зрабіцца гетманам шараговаму ратніку: каб прэтэндаваць на высокую пасаду, той мусіць дасці да краю поля і пацвердзіць тым самым сваё вайсковае майстэрства.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.