Гродзенскі прафесар аднавіў «гістарычныя» шахматы беларусаў

Шахматы Алеся Астроўскага карэнным чынам мяняюць сэнс гульні, набліжаючы іх да рэаліяў сучаснай палітыкі і гістарычнай праўды мінуўшчыны.

Напрыканцы 90-х гадоў доктар медыцынскіх навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі ўзяўся за справу стварэння беларускага нацыянальнага брэнда — сувеніра, дзеля якога ў нашую краіну прыязджалі б госці нават з далёкага замежжа. У выніку доўгіх роздумаў сувенірным аб’ектам былі выбраны шахматы.

Беларуска-літвінскія шахматы прататып
Беларуска-літвінскія шахматы прататып

Алесь Астроўскі: «Думаеш: штосьці трэба рэгіянальнае для Беларусі зрабіць. І я вырашыў, што звычайныя шахматы можна замяніць на шахматы, зробленыя з мэтакрэлату, дзе падбіраецца каманда чмялёў і пчолаў супраць каманды шэршняў і вос. І ўсе гэтыя насякомыя ўнутры — яны свецяцца, і фігуркі ажываюць. І думаю, што, вось, цудоўны экземпляр, каб прадаваць як сувенір беларускі. І раптам падчас сну…»

У сне Алесю Астроўскаму з’явілася незвычайная драўляная дошка памерамі 9х9 замест традыцыйных 8х8, кожная клетка якой, бліжэйшая да цэнтру, ўзвышалася над папярэдняй, утвараючы такім чынам раўнабокую піраміду. А на самай вяршыні знаходзіцца «трон» — цэнтральная клетка шахматнай дошкі.

Алесь Астроўскі: «І вось, у гэтым і ёсць асноўная ідэя гэтых шахмат — у тым, каб не забіваць адзін аднаго, як гэта было раней, а значна больш мірна і значна больш адпаведна нашай рэчаіснасці захапіць уладу».

А захапіць уладу ў самой гульні прапаноўваецца наступным чынам: дзве княжацкія дынастыі змагаюцца за вялікакняжацкую пасаду ў краіне (як, дарэчы, было не раз у гісторыі Беларусі). І заняць гэтую пасаду яны змогуць у тым выпадку, калі адзін з прадстаўнікоў радоў захопіць «трон».

Дакладна, наяўнасць «трона» і робіць гэтыя шахматы ўнікальнымі, карэнным чынам мяняючы стратэгію гульні. У дадатак да ўсяго, у шахматы вярнуліся і старажытныя беларускія назвы фігурак. Так, «пешка» стала «ратнікам», «ферзь» — «гетманам», «кароль» — «князем», «слон» — «гарматай». Акрамя таго з’явілася і новая экзатычная фігура — «княжыч» — спадкаемца ўладара дзяржавы.

Алесь Астроўскі: «Што павінна быць у дэмакратычнай дзяржаве? Уладар свядома рыхтуе пераемніка — і нават у той сітуацыі, калі ён яшчэ ўлады амаль што не мае. Ну, і бацька прыгожа перадае ўладу сыну, альбо нейкаму спадкаемцу дзеля інтарэсаў дзяржавы».

 
 

Канчаткова аформленыя правілы, праца над якімі ішла больш за 10 гадоў, пабачылі свет акурат 15 ліпеня 2010 года ў гадавіну Грунвальдскай бітвы. Азнаёміцца з імі можна ніжэй. Поспехаў вам у гульні ў беларускія шахматы даўніны і, верыцца, будучыні!

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.