Гармата

Ідэю прымянення агнявое артылерыі нашыя продкі пазычылі ў нямецкіх войскаў пры канцы XIV стагоддзя. Першую на землях княства людвісарню — майстэрню ў вырабе гарматаў —Жыгімонт Аўгуст заклаў у XVІ стагоддзі ў Вільні. З медзі ды бронзы тут вылівалі серпантыны, фальканэты, мартыры — і развозілі памежным замкам ды гарадам.

Наступным стагоддзем гарматавая зброя вылучылася ў асобны корпус, з’явілася пасада “старшага над арматаю” — генерала артылерыі. Уплывовыя магнаты пачалі засноўваць прыватныя людвісарні проста ў рэзідэнцыях. На замову Радзівіла Сіроткі замежны майстар выліў у Нясвіжы цэлую серыю гарматаў адмысловага дэкору, кожная з якіх мела свой назоў. “Гідру” ён аздобіў пачвараю з крыламі ды сямю галовамі.

Гармата "Гідра" у двары Нясвіжскага замку. 1930-я гады.
"Гідра" і іншыя гарматы з Нясвіжскага замку. Музей войска польскага ў Варшаве. Фота: vasiltiareshka.blogspot.com

У палявым змаганні гарматы Вялікага Княства ўпершыню вызначыліся пад Оршаю — з іх дапамогаю Канстанцін Астрожскі здолеў нечакана для суперніка перайначыць ход бітвы. Стралялі гарматы не вельмі часта — зараджанне, чыстка і ахалоджванне ствала вымагалі часу — але трапна. І далёка: ядро звычайна пралятала блізу трохсот метраў. Да таго ж сам выгляд гэтае зброі нярэдка змушаў суперніка ўціскаць голаў у плечы, траціць ваяўнічы запал і ўцякаць з поля.

Гармата на карціне ”Бітва пад Оршай 1514”. Невядомы мастак XVI стагоддзя. Фрагмент.
Гармата на карціне ”Бітва пад Оршай 1514”. Невядомы мастак XVI стагоддзя. Фрагмент.

У 1650 годзе беларускі навуковец Казімір Семяновіч выдаў кнігу “Вялікае мастацтва артылерыі”, што зазнала пераклад з лаціны на французскую, нямецкую, ангельскую мовы ды зрабілася настольнаю для артылерыстаў Еўропы.

На беларуска-літвінскай шахматніцы адзін генерал артылерыі ахоўвае вежу, другі чакае загаду гетмана: b1, g1 — белыя; c9, h9 — чорныя. Фігура рухаецца па дыяганалі ў любы бок і на любую адлегласць. Сапраўдную моц гарматы набываюць, дзеючы супольна. Найбольшую карысць прыносяць у якасці дапаможных для атакі іншымі фігурамі.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.