Budzma: Новыя беларускія шахматы

паводле budzma.by

Новым брэндам Беларусі могуць зрабіцца шахматы. Пра ідэю стварэння сувеніру, кірунках яго развіцця і асноўных адрозненнях журналісту budzma.org расказаў стваральнік і суаўтар ідэі Мікалай Тамашэвіч.

— Адкуль узнікла ідэя старажытных беларускіх шахмат?

— Калі я працаваў у газеце «Звязда», я ладзіў віктарыну, якая называлася «Звяздарыначка». І для гэтай віктарыны я хацеў знайсці інфармацыю па беларускіх старажытных шахматах — старадаўнія фігуркі, іх назовы, каб людзі паспрабавалі здагадацца, што гэта. І раптам у інтэрнэце натрапіў на цікавы малюнак: дошка 9х9, у цэнтры бел-чырвона-белы сцяг і фігуркі. Як высветлілася, гэты артыкул змясціў прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі. Я звязаўся з ім, каб падрабязней пра іх даведацца, — сапраўды цікава, у якія шахматы гулялі нашы продкі. Але ён сказаў, што гэта прыдумаў ён у 2000-м годзе. То бок ніякай гістарычнай платформы, акрамя назоваў фігурак, гэтыя шахматы не маюць. У яго шахматах былі толькі асноўныя намёткі — недапрацаваныя правілы, але ўжо адрозніваліся назвы фігурак і была ўведзеная новая фігура — княжыч. Мы з ім сустрэліся і вырашылі працаваць разам над гэтымі шахматамі, аўтарства 50 на 50, як бы мовіць. Асноўная ідэя належыць спадару Алесю, астатняе рабіў я.

— Усё ж такі гэта старажытныя шахматы?

— Не, гэта новая напрацоўка, але гэтыя шахматы зробленыя па беларускіх рэаліях, бо ў нас княжацкія роды змагаліся за ўладу, і нам дастаткова захапіць трон, як гэта і было неаднаразова ў гісторыі. Скажам, такім чынам сын Альгерда Ягайла адабраў трон у Кейстута. У адрозненне ад класічных шахматаў, гаворка не ідзе пра забойства. І я ўсялякім чынам спрабаваў гэта падкрэсліць. Амаль ніхто не ставіць мат, калі мы гуляем.

— Што робіцца для папулярызацыі гэтых шахматаў?

— Я адразу, як пабачыў шахматы, падумаў, як бы гэта «распіярыць». Спачатку я распрацаваў фізічную мадэль. Мы зрабілі адну дошку-піраміду, папраўдзе кажучы, пірамідай яе можна назваць сімвалічна — розніца па вышыні клетак прыкладна 2 міліметры. А пасля прыйшла ідэя, што трэба зрабіць кампутарную мадэль. Трэба зрабіць так, каб людзі змаглі спампаваць гэтыя шахматы, маглі гуляць у сеціве, паміж сабой. І мы зрабілі такую кампутарную гульню. Кампутарнага інтэлекту пакуль няма, але распрацоўка ўжо вядзецца, хутка будзе. Можа быць, хто-небудзь нам дапаможа выпускаць гэтыя шахматы і дошкі, ладзіць турніры. У Алеся нават ёсць ідэі, як зладзіць турніры, проста пакуль мы не можам дазволіць сабе гэта за свае сродкі.
Калі яшчэ штосьці казаць пра «піяр», то мы займаемся ім самастойна: я ўчора ў Вікіпедыю напісаў артыкул. Пераклалі праграму на ангельскую мову, варта было б яшчэ літоўскую, польскую і нямецкую. Трэба зладзіць прэзентацыю на Беларусі.

Беларускія шахматы
 

— Як звычайныя шахматысты ставяцца да вашых шахматаў?

— Вядома, па-рознаму. Ёсць два кірункі — кансерватары, якіх большасць, якія пытаюць, навошта нам гэта патрэбна. Але ёсць і наватары. Існуе такая Федэрацыя гексаганальных шахмат, гэта новыя нестандартныя шахматы, іх у свеце даволі шмат.
Федэрацыя пакуль што не ведае пра нашыя шахматы. Але беларускі шахматыст Аляксандр Паўловіч, майстар Міжнароднай федэрацыі гексаганальных шахмат, піша энцыклапедыю і кнігу «60 шахматных гульняў». Я да яго прыйшоў, мы пагутарылі, і яму вельмі спадабалася канцэпцыя нашых шахмат. Паабяцаў, што напіша ў сваіх кнігах пра нашае вынаходніцтва. Але ён прапанаваў назваць іх не беларускімі шахматамі, бо такая назва ўжо ёсць. Мы параіліся з Алесем Астроўскім і прыйшлі да высновы, што назву мяняць не будзем. Бо гэта вынаходніцтва Беларусі і гэта можа зрабіцца брэндам краіны.

— Раскажыце пра кампутарную мадэль.

— Праграмму мы пачалі распрацоўваць з дызайнерам Аляксеем Кульбіцкім дзесьці ў канцы чэрвеня і ў лістападзе нарэшце яе скончылі. Візуальна яна мае гістарычна-мадэрновы стыль. Музыку я прыдумаў сам, нешта сярэднявечнае, каб падыходзіла па тэматыцы, а запісалі з Арцёмам Багаслоўскім. Спачатку гэта была проста электронная дошка, 2D — яна лепшая для разумення і набліжэння да класічнай шахматнай мініяцюры, а 3D будзе пазней.

На дыску будзе магчымасць мяняць вопратку. Ужо вырашылі зрабіць тры стылі: класічны, шляхецкі — адлюстраваная беларуская традыцыя, а трэці — варыянт «Будзьма»; будзе выкарыстанаЯ стылізаваная беларуская сімволіка, мы так гэтую вопратку і назавем.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.