З ХІІІ стагоддзя пачалі ўзводзіць на нашых землях простыя і велічныя вежы. Ідэю стварэння гэткіх абарончых збудаванняў беларускія дойліды пазычылі ў нармандцаў. Магутныя і незалежныя бергфрыды, данжоны, “валынскія стаўпы” выкрэслівалі лінію ад зямлі да нябёсаў у Камянцы, Горадні, Берасці, Полацку, Тураве, Наваградку, Вільні. Уздымаліся яны пасярэдзіне крэпасці або перад брамаю і выяўлялі суворы дух часу, небяспечанага і трывожнага.

"Белая вежа" у Камянцы. Фота: ekskursii.by
"Белая вежа" у Камянцы. Фота: ekskursii.by

Зацята маўклівая і непрыступная звонку, унутры вежа жыла і гучала: з паверха на паверх прыстаўнымі або убудаванымі ў сцены лесвіцамі рухаліся тыя, для каго яна зрабілася выратавальным прытулкам. Па-над адным-двума цёмнымі ярусамі месцілася жылая зала з камінам, дзе князь з сям’ёю мог перачакаць наступ варожых войскаў. А з аглядавае пляцоўкі на даху, выглядаючы з-за крэмальераў, сачылі за наваколлем дазорцы. Мацнела небяспека — людзі пакідалі вежу праз падземны ход і знікалі ў цемрыве ночы або шчыльным покрыве ранішняга туману.

У кутах шахматных дошак нашых продкаў даўней пагойдваліся ладдзі. Але пасля гульня адлюстравала страту выйсця да мора і пераход да тэрытарыяльнае абароны: беларуска-літвінскую шахматніцу замест суднаў атачаюць вежы. Белыя стаяць на клетках a1 ды i1, чорныя — на а9 ды і9. Перасунуць фігуру можна у любы бок і на любую адлегласць. Калі вежу войска зруйнуе супернік, ратнік, што дайшоў да краю поля, можа пабудаваць новы данжон і “зачыніцца” ў ім (ратнік “ператвараецца” ў вежу).

Фігура ладдзі XII стагоддзя знойдзеная у Гродна
Герб Полацка з ладдзёю. XVI стагоддзе.

Схавацца ў вежы можа і князь, ажыццявіўшы ракіроўку. Гаспадар княства робіць два або тры крокі да вежы, а потым мяняецца з ёю клеткамі, падаўжаючы сваё знаходжанне на полі як мінімум на адзін — магчыма, вызначальны — ход. Дзве ўмовы: гэты ход мусіць быць першым для кожнай з фігураў і паміж імі не можа быць бітых палёў.

Традыцыйна на беларускіх землях Вежу завуць Ладдзёю - як сымбаль даніны гісторыі Полацкага княства.

Праект у трох вымярэннях

«Беларускія шахматы» існуюць у камп`ютарнай, шляхетнай і падарункавай версіях. Пазнаёмцеся з імі.